Расія абвясціла: транзітныя цягнікі з Беларусі ўпускацца не будуць
17.12.2014 / 11:09
Літоўская чыгуначная кампанія Lietuvos gelezinkeliai афіцыйна атрымала ліст Расіі з паведамленнем пра тое, што з гэтага часу ў Расію не будуць пускаць цягнікі з прадуктамі, што ідуць транзітам праз Беларусь у краіны Мытнага саюза і Азіі.
Як адзначае літоўская дзелавая газета Verslo zinios, першай ахвярай забароны стаў груз масла ў 1 тыс. тон, які рухаўся ў Узбекістан.
«Калі Масква заявіла аб эмбарга на прадукты, нам на працягу тыдня вярнулі 32 вагоны з прадуктамі. Зараз чарговае вялікае змяненне. Страты непазбежныя, аднак іх маштаб не ясны», — сказаў у інтэрв'ю Verslo zinios кіраўнік дырэкцыі Lietuvos gelezinkeliai па пытаннях перавозкі грузаў Стасіс Гудваліс.
Паводле яго слоў, Расія адзначыла, што харчовыя прадукты можна везці праз Латвію ці Украіну, а кіраўнікі Беларускай чыгункі ўжо вядуць перамовы з калегамі ў Маскве, але прынясуць яны вынікі - незразумела.