Усё-такі мова ў нас у крыві

30.12.2014 / 01:46

Актывісты Таварыства беларускай мовы арганізавалі ў Гомелі гурток беларускай мовы «Лемантар». Праводзіць гурток Алеся Аўласевіч — выпускніца Лінгвістычнага ўніверсітэта.

«З моўнага гуртку, на які я выпадкова трапіла некалі ў Мінску, пачалося маё захапленне мовай. Тры гады таму я нават некалькі слоў звязаць не магла па-беларуску. Але мову трэба вучыць, і гэта не так складана, мова ў нас у крыві», — упэўненая дзяўчына.

На заняткі сабраліся чатырнаццаць чалавек. «Я прыйшоў, каб пабавіць час з беларускамоўнымі людзьмі», «Я прыйшла вывучыць мову, бо мне складана размаўляць на ёй», «З’явіўся вольны час, вось і прыйшоў», «Я і мая дзяўчына спрабуем размаўляць паміж сабой на мове, але выходзіць пакуль не вельмі — пык-мык», — патлумачылі ўдзельнікі гуртку векам 20+.

Паміж удзельнікамі падзялілі ролі: нехта рыхтуе прамовы, іншы выступае крытыкам ці сочыць за часам, памылкамі, празмерным ужываннем слоў-паразітаў, псіхалагічнай атмасферай на занятках.

Прамовы можна рыхтаваць на розныя тэмы, але існуюць два абмежаванні: палітыка і рэлігія.

Некаторыя ўдзельнікі гуртку ставяць амбітныя задачы: разам зрабіць Гомель больш беларускім.

У Гомелі рэдка можна пачуць беларускую мову па-за сям'ёй. Тут ёсць толькі адна «ўзорна-паказальная» група ў дзіцячым садку, дзе частка заняткаў праводзіцца на беларускай мове. Тут ёсць толькі адна «ўмоўна-беларуская» гімназія, дзе на роднай мове арганізаваны выхаваўчы працэс, а большасць прадметаў вывучаецца на рускай мове. Няма чаго гаварыць пра ВНУ. Але юнакі і дзяўчаты, якія выраслі ў рускамоўным асяроддзі, — хочуць ведаць родную мову.

Усё-такі мова ў нас у крыві.

Юлія Шымкевіч