З Гермянчуком надвох
25 гадоў таму мы працавалі на адной рэдакцыйнай стаўцы, піша на сваім блогу Сяргей Астравец.
01.01.2008 / 20:16
Часам зазіраеш у дзёньнікавыя запісы: а што было ў гэты навагодні час некалькі гадоў раней? Ну вось: “Закончыў тэкст для “Кур’ера”… А мінула шэсьць год ужо. Якраз ў апошні дзень сьнежня дзень нараджэньня Ігара быў. Памятаецца, што апошні том Кузьмы Чорнага, публіцыстыку, яму я падараваў 25 год назад. Мы чыталі адны і тыя ж кнігі, абмяркоўвалі, захапляліся. Некаторыя артыкулы Чорнага чыталіся па-ранейшаму як неверагодна сьмелыя для 30-х гадоў.
Прыблізна тады нас выклікаў намесьнік дэкана, Іван Іваныч, і даў працу: у адной шматтыражцы хочуць узяць двух студэнтаў на стаўку машыністкі. Бо хто пажадае за восемдзесят рублёў друкаваць? Студэнтам жа яшчэ па адной стыпэндыі атрымаць — папросту ўдача. Да слова: у рэдакцыі кожны меў машынку і друкаваў свае тэксты сам, накшталт як сёньня з кампутарамі атрымалася.
Ясна: заводзкая газэтка не магла нас задаволіць, але як часовы варыянт была нармальнай рэччу, пагатоў людзі ў рэдакцыі былі вельмі-і-вельмі нядрэнныя. Але для студэнта нават палову стаўкі сумяшчаць з заняткамі справа няпростая. Хоць ніякага прымусу не было: прыходзьце калі хочаце, але ўсё адно пісаць пра сацспаборніцтва — было прымушаць сябе. Ідэальна не бывае! Карацей, часам мы зьнікалі на некалькі дзён і калі вярталіся, нам казалі: а мы ўжо думалі, што вас не дачакаемся.
Так, праца ёсьць праца, хаця нам даводзілася пераадольваць сябе, адно ратавала, што разам было весялей, часам мы падпісваліся двох пад адным тэкстам. Праўда, Ігар не хацеў карыстацца прозьвішчам, друкаваў заводзкія карэспандэнцыі, здаецца, толькі пад псэўданімам. Мы трапілі ў час, калі газэта пераходзіла на фотанабор, езьдзілі ў друкарню, дзе потым выходзіла “Свабода”, бралі “сінькі” для карэктара, вазілі іх да цэнзара ў Дом друку. Затым прывозілі наклад.
На фабрыцы 50 гадоў назад ужо існавала газэтка, некалькі нумароў захаваліся ў музэйчыку, мы хадзілі чытаць: мова, правапіс — усё выглядала незвычайна. Зьмест — дык увогуле: сабатажнікі, шкоднікі, варожыя элемэнты. Як пазьней пісалі пра бракаробаў, п’яніц і прагульшчыкаў, але толькі не саджалі ў канцлягер, не расстрэльвалі… Мэтай Гермянчука была журналістыка без надояў, без сацспаборніцтва, без партыйных “пярвічак”. Ён высьмейваў газэтныя штампы — “стомленыя, але шчасьлівыя яны вярталіся з працы…”
Зрэшты, у гэтым рэчышчы нам чытаў лекцыі па “сацыялістычнай эканоміцы” любімы выкладчык Юшкевіч. Мы прыходзілі на фабрыку і бачылі тое, што крытыкаваў ён: бездапаможнасьць у элемэнтарных рэчах, калі не маглі склеіць чаравік, каб ён трымаўся. А заводзкая газэтка яшчэ ў часы рэпрэсый паведамляла, што стаханаўцы прапануюць клеіць чаравікі па-новаму — чым хутчэй і паболей. А вось варожыя элемэнты сумняваюцца ў перадавых савецкіх пралятарскіх мэтадах працы.
Ігар любіў жартаваць, падзяляючы нас на “публіцыстаў школы Сачанкі” і “школы Булацкага”. Прафэсар Булацкі вучыў журналісцкаму майстэрству, ясна, на прыкладзе бальшавіцкіх газэт. Была нават цэлая лекцыя “Ленін —майстар нэкралёгу”, што вельмі пацяшала Гермянчука… Без надояў, без сацспаборніцтва. У тыя часы гэта было амаль нерэальна, але яму ўдалося: студэнтам яго ўзялі ў штат “Голаса Радзімы”. У рэдакцыю прыходзіла замежная пошта, сярод іншых трапляўся канвэрт са “Зважай”, зь “Беларусам”, мы пачалі чытаць эмігранцкую прэсу.