Пластычная хірургія сцірае этнічныя адрозненні
08.01.2015 / 08:26
Для такой монаэтнічнай краіны, як Беларусь, праблема знікнення этнічных рыс пад скальпелем хірурга можа падацца малазразумелай. Сапраўды, мала хто з беларусаў будзе рабіць сабе нос як у афраамерыканскай поп-зоркі ці разрэз вачэй як у Бруса Лі. А вось у поліэтнічных Злучаных Штатах за апошнія некалькі год літаральна ў разы вырасла колькасць зваротаў да пластычных хірургаў прадстаўнікоў этнічных меншасцяў.
І ў сувязі з гэтым унутры саміх этнічных суполак расце занепакоенасць: моладзь лічыць іншыя тыпы знешнасці прыгажэйшымі і імкнецца адмовіцца ад уласцівых іх этнічнай групе рысаў, схаваць сваё «непажаданае» паходжанне (успомнім эвалюцыю Майкла Джэксана). Што больш спрыяе гэтаму – расавыя стэрэатыпы грамадства ці параўнальная даступнасць працэдур і мода на іх, а можа – глабалізацыя і непадкантрольныя патокі інфармацыі, ці няспеласць «грамадства спажывання», якое ахвяруе каранямі дзеля большай свабоды крылаў? Як бы там ні было, існуе відавочная тэндэнцыя, якая ўстойліва пашыраецца.
Асабліва папулярнай працэдурай з’яўляецца рынапластыка – пластычная карэкцыя носа. Многія афраамерыканкі, напрыклад, хочуць завастрыць сабе нос, як у прадстаўніц каўказскіх народаў. На гэта ўплывае і знешнасць поп-зорак кшталту Бейонсэ і Хэлі Бэры (абедзве згаданыя зоркі маюць як афраамерыканскія карані, так і продкаў-еўрапейцаў).
Пластычная хірургія – дарагая сфера паслуг, і сапраўды можа непазнавальна змяняць рысы твару. Ці слушна рабіць гэта толькі дзеля задавальнення капрызаў маладых людзей, якія шукаюць сябе і спосаб самавыражэння, ці варта пераконваць іх рабіць карэкцыю, не парушаючы этнічных уласцівасцяў, якія дасталіся ў спадчыну?
Адказ на гэтае пытанне, хутчэй за ўсё, дадуць грошы. А дзецям нашых унукаў, напэўна, і ў галаву не прыйдзе, што людзі могуць быць падобныя да ўласных бацькоў, дзедаў, прадзедаў. Хіба толькі яны разам слухаюць музыку і ходзяць да аднаго і таго ж пластычнага хірурга…