Героі дзіцячых мультфільмаў паміраюць часцей за герояў дарослага кіно

Фільмы з рэйтынгамі PG-13 і R (да 13 і 17 год толькі з бацькамі) утрымліваюць болей гвалту за тыя, што маюць «дзіцячыя» рэйтынгі. Але ў героя дзіцячага мультфільма менш шанцаў дажыць да тытраў, вынікае з даследавання, апублікаванага ў медыцынскім часопісе The BMJ.

06.01.2015 / 19:03

Смерць Муфасы ў мультфільме «Кароль леў»

У дзіцячых фільмах можна пабачыць больш смярцей, чым у дарослых. У сярэднім забойстваў (гвалтоўных смярцей) больш у цэлых тры разы!

Гэта вынікае з параўнання 45 самых касавых дзіцячых мультфільмаў (пачынаючы з «Беласнежкі» 1937 года) з 90 самымі касавымі дарослымі фільмамі тых жа гадоў. Фільмы для параўнання адбіраліся з тых, што апісваюцца як «драмы» (у тым ліку трылеры і баевікі), каб выключыць найбольш сямейных камедый і прыгодаў.

Дзве траціны дзіцячых стужак паказвалі смерць важнага персанажа. Асноўныя прычыны смерці ў мультфільмах – атакі дзікіх жывёлаў і падзенні, а не перастрэлкі, аварыі ці хваробы, як у дарослых.

Многія мультфільмы паказваюць смерць бацькоў галоўнага героя ў першыя некалькі хвілін. З цягам часу шанцы на выжыванне бацькоў значна хутчэй змяншаюцца менавіта ў мультфільмах.

Па вертыкальнай восі шанцы на выжыванне бацькоў, па гарызантальнай – час у хвілінах. Сіняя лінія – дарослыя фільмы, чырвоная – дзіцячыя.

І хай у дзіцячых мультфільмах менш крыві і гвалту, пэўны адбітак на псіхічным стане яны могуць пакінуць. Таму дзецям лепей усё роўна глядзець іх з бацькамі, нават калі рэйтынг таго не патрабуе.

Аляксандр Арсёнаў