Charlie Hebdo: двое падазраваных абвешчаныя ў вышук, трэці здаўся

08.01.2015 / 07:37

Паліцыя Францыі апублікавала фатаграфіі двух чалавек, якія падазраюцца ў нападзе на рэдакцыю часопіса Charlie Hebdo.

У вышук аб'яўлены браты Куашы — 34-гадовы Саід і 32-гадовы Шэрыф. Паліцыя папярэдзіла, што яны ўзброеныя і небяспечныя.

Трэці падазраваны ў нападзе на рэдакцыю часопіса 18-гадовы Амід Мурад, па паведамленнях прэсы, здаўся ў рукі паліцыі самастойна і сцвярджае, што не мае дачынення да злачынства.

Яго сябры напісалі ў сацсетках, што Амід Мурад быў у школе ў момант нападу на рэдакцыю часопіса ў сераду.

Афіцыйна гэты арышт пакуль не пацверджаны.

Шэрыф Куашы ўжо прыцягваўся да адказнасці па абвінавачванні ў тэрарызме ў 2008 годзе - за дапамогу паўстанцам у Іраку. Ён правёў у няволі паўтара года.