Рускі нацыяналіст Авяр’янаў-Мінскі сцвярджае, што яго пазбавілі беларускага грамадзянства і забаранілі ўезд у Беларусь

13.01.2015 / 11:35

«Некалькі месяцаў, як я не магу прыехаць у родную Беларусію. А не магу таму, што хтосьці напісаў на мяне данос у КДБ, як на дыверсанта і правакатара. Цяпер сітуацыя з маім грамадзянствам такая ж, як у Паўла Шарамета», — напісаў Кірыл Авяр’янаў-Мінскі журналісту «Нашай Нівы». Паведаміць больш інфармацыі ён адмовіўся.

Вядома, што ў свой час Паўла Шарамета пазбавілі беларускага грамадзянства праз «атрыманне ім расійскага».

Кірыл Авяр'янаў працуе на расійскія СМІ.

Кірыл Авяр’янаў-Мінскі выступаў з праімперскімі публікацыямі на расійскім радыкальным партале «Спутник і погром», галоўны рэдактар якога нядаўна заклікаў знішчыць Беларусь, Украіну і Кахастан.

Авяр’янаў-Мінскі пазіцыянуе сябе як гісторыка і знаўца Беларусі. У сваіх артыкулах ён праводзіць ідэю, што беларусы — штучная нацыя са штучнай культурай і мовай, памылкова адарваная ад «рускага свету». Таксама публіцыст не аднойчы называў Лукашэнку «здраднікам інтарэсаў Расіі».

У КДБ каментаваць гэтую сітуацыю адмовіліся, а ў МЗС спаслаліся на забарону агучвання спісаў «неўязных».

Вядома, што пры канцы мінулага года адзін з актывістаў Аб'яднанай грамадзянскай партыі звяртаўся ў кампетэнтныя органы з просьбаю праверыць «творчасць» Авяр’янава-Мінскага на наяўнасць пагрозаў дзяржаўнай бяспецы Беларусі. Згодна з адказам на зварот, тады экспертыза прайшла безвынікова.

КДБ не даў ходу просьбе праверыць заявы Авяр'янава на падрыў нацыянальнай незалежнасці.

Арцём Гарбацэвіч