У дакументальным фільме пра Курта Кабэйна пакажуць яго невядомыя песні

Тэлеканал HBO атрымаў неабмежаваны доступ да архіваў лідара Nirvana Курта Кабэйна для здымак дакументальнага фільма, піша The Guardian.

14.01.2015 / 10:23

Курт Кабэйн. Фота: mtv.com

У дакументальнай стужцы «Montage of Heck» каналу HBO пакажуць рэдкія хатнія відэа стваральніка Nirvana, дзясяткі песен гурту, нявыдадзеныя запісы, а таксама малюнкі, здымкі, нататнікі з песнямі. 

Гэта першая дакументальная стужка пра Кабэйна, якую аўтарызавала яго сям’я. Неабмежаваны доступ да архіваў прадставіла ўдава Курта, Кортні Лаў. У архіў увайшлі 200 гадзін раней нявыдадзенага аўдыё і каля 4 тысяч старонак тэкстаў.

Рэжысёрам фільма стане Брэт Морген, а выканаўчым прадзюсарам — дачка Курта Кабэйна Бін. Фільм выйдзе на тэлеэкраны ўвесну, ён будзе таксама паказвацца у кінатэатрах Вялікабрытаніі.

***

Свой першы гурт пад назвай Fecal Matter Курт Кабэйн заснаваў у 1985 годзе, у 1988 годзе выйшаў першы сінгл гурту, што ўжо змяніў назву на Nirvana. У 1991 годзе альбом «Nevermind» прынес гурту нечаканую сусветную папулярнасць, а песня «Smells Like Teen Spirit» стала хітом MTV. 8 красавіка 1994 года скончыў жыццё самагубствам. Паводле афіцыйнай версіі ён ўвёў сабе смяротную дозу гераіну і застрэліўся з ружжа, паводле іншых версій – быў забіты (замоўцам забойства называюць у тым ліку Кортні Лаў).

Аляксандр Арсёнаў