Навукоўцы: жыццё магло пачаць зараджацца яшчэ ў міжзорнай прасторы

У малекулярных аблоках, з якіх утвараліся зоркі і планеты, ужо маглі ўтварацца арганічныя злучэнні. Да такой высновы прыйшла франка-мексіканская група даследчыкаў, чыя работа апублікаваная ў часопісе Proceedings of the National Academy of Sciences.

14.01.2015 / 10:49

Малюнак: huffpost.com

Навукоўцы стварылі ў лабараторныі ўмовы малекулярных аблокаў касмічных льдоў, з якіх фармаваліся зоркі. У іх былі атрыманыя і арганічныя злучэнні, з якіх маглі бы скласціся нуклеінавыя кіслоты, у прыватнасці гліколевы і гліцэрынавы альдэгіды, якія могуць быць прамежкавымі злучэннямі для ўтварэння РНК.

Такім чынам, на Зямлі арганічны матэрыял мог трапіць з каметамі і метэарытамі яшчэ 4,2 млрд гадоў таму.

Гэтыя касмічныя целы ўтрымліваюць таксама ваду, аксід і дыяксід вугляроду, метанол, аміяк і метан – багата злучэнняў, неабходных для жыцця.

Даследчыкі спадзяюцца на сучасныя магутныя тэлескопы, у прыватнасці ALMA, каб адшукаць альдэгіды і цукры у міжзорных ільдах і гарачых малекулярных аблоках, а таксама каметах і метэарытах, якія маглі даць Зямлі матэрыял для нараджэння жыцця.

Аляксандр Арсёнаў