Вынікі расследавання: З нажом і пісталетам нападалі на пенсіянерак

14.01.2015 / 14:20

Як паведамілі ва УСК па Мінскай вобласці, завершана расследаванне крымінальнай справы па фактах разбойных нападаў на пенсіянерак у в. Замужанне Барысаўскага раёна.

«У канцы ліпеня мінулага года узброеныя пісталетам і нажом невядомыя ў масках праніклі ў дом пенсіянеркі, дзе, збіўшы і звязаўшы яе, выкралі грашовыя сродкі ў суме больш за 11,5 мільёнаў беларускіх рублёў. Працягваючы злачынныя дзеянні, зламыснікі праніклі ў суседні дом і таксама, пагражаючы гаспадыні, завалодалі яе маёмасцю на суму больш за 1 мільён рублёў. Пасля чаго зніклі ў невядомым кірунку», — адзначыла афіцыйны прадстаўнік УСК па Мінскай вобласці Таццяна Беланог.

Нападнікаў затрымалі. Імі аказаліся ўраджэнцы Віцебскай вобласці: адзін 22 і двое 26 гадоў. У іх знайшлі скрадзеныя грошы, газавы пісталет і нож.

Яны затрыманыя. Ім пагражае ад 6 да 15 гадоў калоніі.

Справа перададзена пракурору для накіравання ў суд.

КМ, фота sk.gov.by