life:) увёў абарону ад пераплат за мабільны трафік

Беларускі мабільны аператар life:) паведаміў аб увядзенні з 15 студзеня блакіроўкі па жаданні абанента паслугі «life:) Інтэрнэт Базавы». 

15.01.2015 / 17:09

Фота са старонкі life:) УКантакце

Паслуга «life:) Інтэрнэт Базавы» ўводзіць карыстанне трафікам па базавай цане ў 2200 рублёў за 1 Мб (у выпадку трафіку па WAP — 15600 рублёў за 1 Мб) у выпадку, калі не падключаныя іншыя паслугі доступу ў інтэрнэт, скончыўся перадаплочаны трафік на асноўным тарыфе альбо дадатковы пакет трафіку.

Ад сённяшняга дня ў выпадку сканчэння трафіку абаненту будзе прапанаваны выбар, ці карыстацца інтэрнэтам па такіх цэнах.

Па заканчэнні трафіку доступ у інтэрнэт будзе заблакаваны, а абанент будзе перанакіраваны на інтэрнэт-старонку, дзе яму прапануюць выбар: падключыць новы пакет трафіку ці карыстацца базавым тарыфам.

Аператар называе сервіс унікальным для Беларусі і нават рэдкім у Еўропе. А таксама абяцае ў хуткім часе яшчэ адзін праект, што «падтрымае ўжо даказаны намі імідж».

Пра кантроль расходаў у life:) можна пачытаць на сайце аператара. А «Наша Ніва» прапануе 9 спосабаў зэканоміць грошы на мабільным.

Аляксандр Арсёнаў