WZ-Orkiestra Дмитрия Войтюшкевича сыграет наилучшее за 15 лет

У межах праекту «Жывы Тузін» гурт Змітра Вайцюшкевіча зладзіць юбілейны канцэрт у клубе «Піраты».

16.01.2015 / 19:56

На рэдкім для гурту клубным канцэрце WZ-orkiestra выйдзе на сцэну поўным складам:

баяніст-віртуоз Аляксандр Шувалаў, піяніст і кіраўнік джаз-ансамблю «Дыліжанс» Андрэй Лабчэўскі, гітарыст Алег Івановіч, вядучы джазавы бас-гітарыст Вячаслаў Сяргеенка, бубнач з аркестра Купалаўскага тэатра Андрэй Сапоненка і сам Зміцер Вайцюшкевіч.

Канцэрт пачнецца а 19-й і будзе доўжыцца каля 2 гадзін. Цана квіткоў – 165 тысяч за танцпляцоўку і 215 тысяч за столік. Набыць квіткі анлайн можна тут.

Музыкі выканаюць творы з праектаў «Народны альбом», «Я нарадзіўся тут», «Святы вечар», «Цацачная крама», «Паравіны году», «Апошні золак» і іншых, песні на словы Караткевіча, Ваячака, Бураўкіна, Барадуліна, Някляева, Вольскага. Частка праграмы ўжо запланаваная, частка будзе вызначаная наўпрост падчас канцэрту.

Адмыслова пад канцэрт Tuzin.FM абнавіў старонку, прысвечаную Вайцюшкевічу і WZ-Orkiestra, на якой можна праслухаць і спампаваць песні гурту.

Аляксандр Арсёнаў