Бацька Міколы Статкевіча адзначыў 88-годдзе
20.01.2015 / 09:54
intex-press.by
19 студзеня грамадскія актывісты з Баранавіч і журналісты газеты Intex-press павіншавалі Віктара Паўлавіча Статкевіча, бацьку палітвязня і кандыдата ў прэзідэнты РБ Мікалая Статкевіча, з днём народзінаў.
Былы кандыдат у прэзідэнты Беларусі Мікалай Статкевіч ужо некалькі год знаходзіцца за кратамі. У маі 2011 года ён быў асуджаны да 6 год пазбаўлення волі. Увесь гэты час яго цярпліва чакаюць з няволі бацька, сваякі і сябры.
Між тым бацьку палітвязня Віктару Статкевічу ўжо недалёка і да 90 гадоў і ён усё часцей выказвае сумненні – ці ўдасца дачакацца сына з няволі.
Атрымаў у панядзелак віншаванні Віктар Статкевіч ад сына — ужо са Шклоўскай калоніі №17, дзе цяпер знаходзіцца Мікола (туды яго днямі перавялі з Магілёўскай турмы №4).
«Ён жа там быў, яго там ведаюць, – гаворыць бацька палітвязня. – А напісаць, акрамя віншавання, ён можа няшмат, інакш ліст не прапусцяць».
Аднак нават кароткае пісьмо ад сына — самы найлепшы падарунак да дня народзінаў. Акрамя віншаванняў у лісце Мікалая Статкевіча словы падтрымкі, спадзявання, што бацька дачакаецца яго, а ў канцы некаторых радкоў – смайлікі.