Вынайдзены апарат для лячэння паралюшу
21.01.2015 / 08:26
Тэарэтычна аднаўленне функцый канечнасцяў пасля паралюшу, звязанага з пашкоджаннем спіннога мозгу, магчымае пры ўжыўленні стымулятара, які будзе выдзяляць неабходныя хімічныя рэчывы ды генерыраваць электрычныя імпульсы ў спінным мозгу.
Практычна гэтая праблема ўпіралася, апроч іншага, і ў матэрыял, з якога вырабляўся апарат. Пры рухах мяккія тканкі труцца аб жорсткае іншароднае цела, што прыводзіць да запалення, рубцавання і імуннага непрыняцця.
e-Dura implant, скрыншот з відэа
І вось нядаўна даследчыкі з ЗША і Швейцарыі правялі на пацуках даследаванне новых стымулятараў, вырабленых з гнуткага матэрыялу, чые механічныя ўласцівасці цалкам адпавядаюць мяккім тканкам, у якія ён ужыўляецца. Цягам двух месяцаў даследчыкі назіралі за пацукамі. У жывёл, якім папярэдне пашкодзілі спінны мозг, выклікаўшы паралюш, аднавілася здольнасць рухацца, але не ўзнікла ніякіх праблем у месцы ўжыўлення стымулятара, уласцівых папярэднім канструкцыям.
Апарат, названы e-Dura implant (Dura mater – цвёрдая мазгавая абалонка) зроблены з адмыслова падабранага сілікону і паўтарае форму, кансістэнцыю і механічныя ўласцівасці цвёрдай мазгавой абалонкі. Ён пранізаны сістэмай мікраканалаў, адкуль пастаянна паступаюць лекі ў мікрадозах, і залатымі ды плацінавымі мікраэлектродамі, якія генерыруюць электронныя імпульсы.
Сааўтар даследавання і эксперт у нейрапратэзаванні Стэфані Лакур, прафесар Федэральнай політэхнічнай школы Лазаны (EPFL) у Швейцарыі, кажа:
«Наш электронны імплантат можа заставацца на працягу доўгага перыяду часу на спінным мозгу або ў кары, менавіта таму, што ён мае тыя ж механічныя ўласцівасці, што і сама цвёрдая мазгавая абалонка. Гэта адкрывае новыя тэрапеўтычныя магчымасці для пацыентаў, якія пакутуюць на неўралагічныя расстройствы або траўмы, у прыватнасці для асоб, якія былі паралізаваныя пасля траўмы спіннога мозгу».
Асаблівасцю метаду з'яўляецца тое, што імплантат можа кантраляваць электрычныя сігналы з мозгу ў рэжыме рэальнага часу.
З’яўленне апарата стала магчымым дзякуючы працы на стыку розных навук. Удзел у распрацоўцы бралі эксперты з розных абласцей — у тым ліку матэрыялазнаўства, электронікі, неўралогіі, медыцыны і камп'ютарнага праграмавання.
Даследчыкі плануюць неўзабаве перайсці да клінічных выпрабаванняў на людзях. Яны бачаць перспектывы для імплантата е-Dura ў лячэнні шырокага спектру захворванняў, у тым ліку эпілепсіі, хваробы Паркінсана і лячэння болю мазгавога паходжання.
У кастрычніку 2014 года «Навіны медыцыны Сёння» распавялі, як паралізаваны чалавек з Польшчы змог хадзіць пасля «рамонту» спіннога мозгу клеткамі, узятымі з носа. Хірургі правялі працэдуру, якая зрабіла масток над месцам пашкоджання з нервовых клетак абаняльнага нерва,здольных прарастаць скрозь рубцовыя тканкі.