У Віцебску ў фальшываманетчыка канфіскавалі падробленых $50 тысяч

21.01.2015 / 13:05

Фота УДКСЭ па Віцебскай вобласці.

Фота УДКСЭ па Віцебскай вобласц

Як паведамілі ва ўпраўленні Следчага камітэта па Віцебскай вобласці, 18 студзеня ў адзін з банкаў абласнога цэнтра хлопчыкі 8 і 14 гадоў прынеслі тры 100-даляравыя купюры для абмену. Супрацоўнікі банка засумняваліся ў іх сапраўднасці і выклікалі міліцыю.

«Экспертамі Віцебскага міжраённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь у ходзе даследавання трох грашовых білетаў вартасцю 100 даляраў ЗША ўстаноўлена, што дадзеныя купюры вырабленыя не прадпрыемствам, якое выпускае грашовыя білеты і каштоўныя паперы ЗША. Прадастаўленыя на даследаванні грашовыя білеты выкананы спосабам глыбокага друку з фотамеханічных друкаваных формаў, серыйныя нумары і друк казначэйства выкананы плоскай афсетнай пячаткай», — адзначылі ва УСК па Віцебскай вобласці.

Хлопчыкі патлумачылі, што грошы ім для абмену перадаў знаёмы маці аднаго з іх. Па розных адрасах, устаноўленых падчас апытання дзяцей, следчыя канфіскавалі 477 купюр па 100 даляраў.

Па падазрэнні ў падробцы аператыўнікі затрымалі 36-гадовага мужчыну, раней судзімага за гандаль людзьмі і збыт наркотыкаў. Расследаванне працягваецца.

КМ