Турцыя не прызнае анексію Крыма

22.01.2015 / 11:17

Прэм'ер-міністр Турцыі Ахмет Давутоглу выказаў падтрымку суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны і заявіў, што яго краіна не прызнае анексіі Крыма.

Пра гэта Давутоглу сказаў на сустрэчы з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам, паведамляе сайт кіраўніка дзяржавы.

«Тэрытарыяльная цэласнасць і суверэнітэт Украіны важныя не толькі для вас, але і для ўсяго свету», - сказаў Давутоглу.

Прэм'ер Турцыі адзначыў, што Украіна і яе стабільнасць з'яўляюцца ключавымі для чарнаморскага рэгіёну. У сваю чаргу прэзідэнт Украіны заклікаў да сумесных намаганняў у пытаннях забеспячэння рэгіянальнай бяспекі.