Скутэры прыраўняюць да матацыклаў

Пра гэта на прэс-канфэрэнцыі 11 студзеня ў Менску заявіў міністар унутраных спраў Уладзімер Навумаў, акрэсьліваючы пазыцыю міліцэйскага ведамства ў гэтым пытаньні.

11.01.2008 / 17:28

Скутэры павінны быць прыраўнаваныя да матацыклаў у класіфікацыі транспартных сродкаў. Пра гэта на прэс-канферэнцыі 11 студзеня ў Мінску заявіў міністр унутраных спраў Беларусі Уладзімір Навумаў, акрэсліваючы пазіцыю міліцэйскага ведамства ў гэтым пытанні.

Паводле яго слоў, гэта тычыцца атрымання грамадзянамі, якія кіруюць скутэрамі, такіх жа вадзіцельскіх пасведчанняў, якія атрымліваюць матацыклісты, а таксама мер арганізацыі бяспекі, напрыклад кіравання скутэрам толькі ў ахоўным шлеме. Адпаведныя прапановы па змяненні заканадаўства ў МУС ужо падрыхтаваны, сказаў міністр.

Закранаючы новае, што неабходна, на думку МУС, унесці ў сістэмы арганізацыі бяспекі дарожнага руху, У.Навумаў адзначыў ўзмацненне кантролю за паводзінамі на дарозе веласіпедыстаў. Цяпер на іх, напрыклад, не распаўсюджваецца патрабаванне абазначаць сябе пры руху ў цёмны час сутак святлоадбіўнымі элементамі.

Цікавы, з пункту гледжання кіраўніка МУС, вопыт Швейцарыі, дзе, паводле яго слоў, вадзіцелі ў цёмны час сутак не маюць права пакідаць транспартны сродак, не апрануўшы святлоадбіўную камізэльку, і дзе спіртное забаронена прадаваць на адлегласці бліжэй чым 500 м ад аўтатрас.

У.Навумаў таксама заявіў, што МУС "вельмі заклапочана" паводзінамі на дарогах вадзіцеляў маршрутных таксі.

Акрамя таго, міністр выказаўся за ўзмацненне пакарання за кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап'янення. Паводле яго слоў, у 2007 годзе за паўторнае ўчыненне такога правапарушэння былі асуджаны прыкладна 100 чалавек.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН