Гродзенскаму журналісту пагражаюць праз сацыяльныя сеткі

09.02.2015 / 13:46

Гродзенскі сябра ГА «БАЖ» Віктар Сазонаў атрымаў праз сваю старонку ў сацыяльнай сетцы «Вконтакте» правакацыйнае паведамленне з пагрозай для жыцця. Гэтае паведамленне стала ўжо другім за апошнія некалькі месяцаў.

«За якую маю дзейнасць мне пагражаюць, яны мне не ўдакладнялі. Проста ад нейкага навастворанага Сяргея Расіяніна прыйшло папярэджанне, што нейкія людзі рыхтуюць зрабіць налёт на маю хату. І што яны толькі чакаюць моманту. А праз нейкі час прыйшло другое паведамленне, у якім пацвярджалася першае і было сказана пра тое, што ў мяне ёсць ворагі, гэтым людзям губляць няма чаго і яны збіраюцца весці кудысьці мяне ў багажніку машыны. Я адпісаў, што дзякую за такія паведамленні і звярнуся, куды трэба», — распавёў Сазонаў службе маніторынгу ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў».

– Вы збіраецеся звяртацца ў міліцыю ці пракуратуру?

«Пакуль я нікуды не звяртаўся. Я веру ў свабоду слова, і даў інфармацыю ў СМІ пра гэтыя паведамленні. Зразумела, што іх чытаюць і супрацоўнікі, якія адказваюць за адсочванне апазіцыйных сайтаў. У свой час калі з’явіўся фотаздымак з Алесем Бяляцкім ці іншы фотаздымак, дзе мы стаялі з украінскім сцягам, то нас вельмі хутка знайшлі – можна сказаць, імгненна. Бо ёсць людзі якія адсочваюць гэта. Таму мне здаецца, што адпаведныя структуры гэтую інфармацыю ведаюць і калі трэба, яны паглядзяць ці то гэта жартаўнік, ці то нейкі нядобразычлівец, ці то нейкая група больш сур’ёзная. Я зараз раюся з сябрамі і па вялікім рахунку яшчэ не ведаю, якія дзеянні будуць больш эфектыўныя», — дадае Віктар Сазонаў.