Баевікі «Ісламскай дзяржавы» адрэзалі галовы 21 хрысціяніну

Яшчэ адно варварскае злачынства ісламістаў.

16.02.2015 / 04:12

У нядзелю тэрарысты з так званай «Ісламскай дзяржавы» апублікавалі відэа, як адразаюць галовы 21 егіпецкаму хрысціяніну. Гэтыя хрысціяне-копты былі выкрадзеныя ў Лівіі, дзе яны працавалі.

«Ісламская дзяржава» дзейнічае ў Іраку, Сірыі, Лівіі, Егіпце і Нігерыі. У першых трох з гэтых краін ёй удалося захапіць значныя тэрыторыі.

Спосаб забойства традыцыйны для гэтых тэрарыстаў. Палонных адзелі ў аранжавыя камбінезоны, паставілі на калені на пляжы. Кожнага хрысціяніна трымаў тэрарыст у масцы з нажом. Пасля зачытвання кароткай заявы правадыра «Ісламскай дзяржавы» ўсіх закладнікаў чакала смерць.

Мяркуецца, што відэа было знята ў раёне сталіцы Лівіі, горада Трыпалі.

Тэрарысты далі відэа назву «Падпісанае крывёй пасланне народам крыжа».

Тэрарыст на відэа паабяцаў хрысціянам «за морам» (маецца на ўвазе Міжземнае мора) смерць або паняволенне.

Прэзідэнт Егіпта правёў тэрміновую нараду кіраўнікоў сілавых структур і паабяцаў адпомсціць за сваіх грамадзян. Мусульманскія аўтарытэты ў Каіры назвалі забойства «варварскім актам, несумяшчальным ні з якімі рэлігіямі».

Кааліцыя на чале з ЗША наносіць авіяўдары па пазіыях «Ісламскай дзяржавы» ў Сірыі і Егіпце, але многія эксперты мяркуюць, што для знішчэння гэтай фанатычнай групоўкі спатрэбіцца наземная аперацыя.

СГ