Мадура абвінаваціў мэра Каракаса ў змове з мэтай звяржэння ўлады, той арыштаваны

20.02.2015 / 08:07

Прэзідэнт Венесуэлы Нікалас Мадура пацвердзіў арышт мэра Каракаса Антоніа Ледэзмы. Кіраўнік дзяржавы заявіў, што Ледэзма падазраецца ў змове з мэтай звяржэння ўрада.

Мадура запэўніў, што апазіцыйны мэр панясе пакаранне за свае злачынствы ў адпаведнасці з законам. У сваёй заяве ў чацвер прэзідэнт Венесуэлы паведаміў, што змова супраць дзяржаўнай улады носіць міжнародны характар, і да яго датычныя Іспанія, Калумбія і ЗША.

Раней паведамлялася, што кіраўнік Каракаса арыштаваны на працоўным месцы без тлумачэння прычын. Ледэзма быў затрыманы супрацоўнікамі венесуэльскай разведслужбы.

Венесуэльскі лідар заяўляў, што лічыць кіраўніка горада вінаватым у антыўрадавых беспарадках у 2014 годзе, калі загінулі 43 чалавекі.