Мінчан навучаць здымаць зорнае неба 21 лютага

Фатограф Віктар Малышчыц дасць майстар-клас у кавярні «Камін».

20.02.2015 / 12:56

Майстар-клас «Асновы астрафатаграфii. Як здымаць зорнае неба» пачнецца ў кавярні «Камін» (вул. Солтыса, 187) 21 лютага ў 18:10.

Наведнікі лекцыі даведаюцца, якія аб'екты на небе можна здымаць, якія прылады і фотатэхніка для гэтага патрэбныя, а таксама куды рухацца далей, калі ідэя зацікавіла.

Асноўнай тэмай стануць начныя пейзажы — найбольш даступны від астрафота. Астрафатограф і выкладчык астраноміі Віктар Малышчыц распавядзе пра асноўныя прынцыпы, тэхнічныя нюансы і свае сакрэты.

Майстар-клас разлічаны на ўсіх, хто цікавіцца фота, можа адрозніць дыяфрагму ад вытрымкі і валодае асновамі Photoshop.

Трапіць на мерапрыемства можна за сімвалічную цану ў 55 тысяч рублёў. Наведнікам прапануюць печыва і гарбату.

Глядзіце таксама: У чым адметнасць беларускага неба?

Аляксандр Арсёнаў