Лідчук сцвярджае, што атрымаў два гады з адтэрміноўкай за лайкі парнаграфіі «УКантакце»

Апраўданне было б актуальным для Facebook, але некарэктнае для «УКантакце».

12.03.2015 / 19:42

Аляксандр з Ліды пакараны двума гадамі пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на год за распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў «УКантакце», паведамляе «Лідская газета».

Сябра дапамог Аляксандру, слаба знаёмаму з інтэрнэтам, зарэгістравацца «УКантакце». Недасведчаны інтэрнаўт націскаў «падабайкі» пад ролікамі, якія праглядаў на чужых старонках. У лік такіх трапілі і порнаролікі.

Падсудны сцвярджае, што выпадкова націснуў «Мне падабаецца» пад порнаролікамі — такім чынам тыя трапілі на яго старонку.

Насамрэч ад націскання «УКантакце» на кнопку «Мне падабаецца» ролікі не з’явяцца на старонцы карыстальніка.

Каб з’явіліся, трэба націснуць ці на кнопку «Расказаць сябрам» ва ўсплываючым над «Мне падабаецца» вакне, ці націснуць на суседнюю кнопку «Дадаць у Мае Відэазапісы». Іншы механізм дзейнічае на Facebook — там па націсканні «падабайкі» запіс з’яўляецца ў стужцы навін сяброў карыстальніка.

Сябра папярэдзіў Аляксандра аб крымінальнай адказнасці за распаўсюд порна, калі пабачыў ролікі на ягонай старонцы. Але было позна — анкету Аляксандра ўжо заўважылі эксперты. Аператыўнікі правялі ў кватэры лідчаніна ператрус і канфіскавалі сістэмны блок камп’ютара і ноўтбук.

Аляксандр Арсёнаў