Кіно: «Інсургент»

26.03.2015 / 09:27

Фантастыка, трылер, драма
Рэжысёр: Роберт Швентке
У ролях: Шэйлін Вудлі, Тэа Джэймс, Кейт Уінслет, Джай Кортні, Энсел Элгат, Майл Тэлер, Зоі Кравіц, Актавія Спенсер, Наомі Уотс.
ЗША, 119 хв.
Адзнака: 7

Джанін, кіраўніца фракцыі Эрудытаў, аб’яўляе дывергентаў (людзей, якія па сваіх здольнасцях пасуюць усім фракцыям) небяспечнымі злачынцамі. Арганізаваўшы паляванне на іх, яна шукае наймацнейшага, каб адкрыць артэфакт, які быў пакінуты заснавальнікамі калоніі. Інфармацыя, заключаная ў артэфакце, можа праліць святло не толькі на мінулае горада, але і растлумачыць, адкуль узяліся дывергенты і як пабудаваць светлую будучыню.

Экранізацыю другой часткі трылогіі «Дывергент» Веранікі Рот даверылі Роберту Швентке, рэжысёру «Рэда» (2010) і «Падмані мяне» (серыял, 2009—2011). Услед за ім праект амаль цалкам змяніў каманду, адпаведна змяніўся і падыход да першакрыніцы: сцэнар значна адышоў ад кнігі ў бок спрашчэння сюжэтных ліній. Адначасова дадалося відовішчнасці за кошт выкарыстання незвычайных прыладаў і новых трукаў.

Стужка працягвае аповед пра Трыс Праяр — дывергента, які не ўпісваецца ў сістэму пяці фракцый, створаных для мірнага суіснавання людзей 200 гадоў таму. За фантастычным сюжэтам хаваецца падлеткавая драма пра пошукі сябе ў гэтым свеце і ўсведамленне сваёй адрознасці ад іншых. «У жыцці ёсць шмат магчымасцяў праявіць адвагу. Адна з самых выбітных — быць сабой. Гэта сапраўды патрабуе ўнутранай сілы, асабліва калі вакол сотні людзей, і кожны ведае, якім ты павінен быць», — мяркуе Шэйлін Вудлі, выканаўца галоўнай ролі.

Маладая актрыса ў свае 23 мае некалькі ўзнагарод і намінацый. За стужку «Захапляльны час» (2013) яна атрымала спецыяльны прыз на незалежным кінафестывалі «Сандэс-2013». А сёлета яна знялася ў экранізацыі аднайменнай кнігі Джона Грына «Вінаватыя зоркі» пра дзяўчыну, хворую на рак. На здымках «Інсургента» Шэйлін працавала з такімі зоркамі кіно, як Наомі Уотс і Кейт Уінслет.

Настасся Уласава