Пілот А320, што разбіўся ў Альпах, выйшаў з кабіны незадоўга да авіякатастрофы

Адзін з пілотаў лайнера Airbus A320 авіякампаніі Germanwings пакінуў кабіну незадоўга да авіякатастрофы. Пра гэта паведаміў адзін з вайскоўцаў, якія ўдзельнічаюць у расследаванні.

26.03.2015 / 08:51

Паводле яго слоў, на запісе, вынятым з чорнай скрыні, чуваць, як пілот спрабуе трапіць назад у кабіну, але не можа гэта зрабіць.

Крыніца сцвярджае, што пілот спачатку ціха пагрукаў у дзверы, затым зрабіў гэта гучней, а потым спрабаваў выбіць дзверы, але нічога не атрымалася. У рэшце рэшт, ён так і не змог трапіць у кабіну. Другі пілот дзверы не адчыніў.

New York Times адзначае, што запіс з «чорнай скрыні» тлумачыць некаторыя дэталі авіякатастрофы, але ўсё ж не адказвае на пытанне, чаму самалёт упаў і ў сувязі з чым пілоты не змаглі перадаць сігналы бедства, хоць зніжэнне лайнера працягвалася каля васьмі хвілін.

***

Самалёт Germanwings, які рухаўся рэйсам Барселона — Дзюсельдорф, пацярпеў крушэнне ў Альпах 24 сакавіка. Загінулі ўсе 150 чалавек, якія знаходзіліся на борце.

Пошукава-выратавальная аперацыя ў Альпах ўскладнена тым, што самалёт упаў у гарыстай мясцовасці, дзе няма дарог. Ратавальнікі змаглі дабрацца да месца авіякатастрофы на верталётах і амаль адразу ж выявілі адну з чорных скрынь.

У Lufthansa, якой належыць Germanwings, лічаць, што прычынай авіякатастрофы мог стаць «няшчасны выпадак».