Пракурор: Другі пілот A320 наўмысна разбіў самалёт

Дзеянні другога пілота Airbus А320 Барселона — Дзюсельдорф, што пацярпеў катастрофу ў Францыі 24 сакавіка, можна расцаніць як намер знішчыць паветранае судна, заявіў пракурор Марсэля Брыс Рабэн на прэс-канферэнцыі ў чацвер.

26.03.2015 / 15:07

lefigaro.fr

Па словах Рабэна, у першыя 20 хвілін палёту абодва пілоты вялі нармальную размову. Калі камандзір паветранага судна выйшаў з кабіны, хутчэй за ўсё, у прыбіральню, другі пілот (яго імя Андрэас Любіц) заблакаваў дзверы і самавольна пачаў зніжэнне лайнера.

Камандзір спрабаваў вярнуцца ў кабіну, аднак зрабіць гэтага не змог. На аўдыёзапісе, знятым з самапісцаў, чутныя спробы выламаць дзверы, выклікі дыспетчара, папярэджанне сістэм самалёта аб магчымасці сутыкнення. Другі пілот не вымавіў ні слова, аднак яго нармальнае дыханне чуваць аж да моманту катастрофы.

Пасажыры самалёта да апошняга не падазравалі пра катастрофу, зразумеўшы толькі ў апошнія секунды, што адбываецца надзвычайная сітуацыя.

Прэс-канферэцыю Брыса Рабэна паказваў у жывым эфіры Еўраньюс.

У Інтэрнэце з'явіліся фоты Андрэаса Любіца, Independent.

Самалёт Germanwings, які рухаўся рэйсам Барселона — Дзюсельдорф, пацярпеў крушэнне ў Альпах 24 сакавіка. Загінулі ўсе 150 чалавек, якія знаходзіліся на борце.