Лукашэнка: Дыхае сельская гаспадарка ці не, і чаго ёй не хапае, каб нармальна дыхаць

Пытанні стратэгічнага развіцця сельскай гаспадаркі будуць разгледжаны ў красавіку, па выніках першага квартала.

27.03.2015 / 12:52

БелТА

Аб гэтым паведаміў Аляксандр Лукашэнка 27 сакавіка на нарадзе па сітуацыі ў сельскагаспадарчай галіне, праблемах і перспектывах развіцця.

Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў справаздачы аб рэальнай сітуацыі ў сельскай гаспадарцы. Ён нагадаў, што ў мінулым годзе прынята некалькі указаў, накіраваных на паляпшэнне сітуацыі ў галіне.

«З усімі па вертыкалі ў сельскай гаспадарцы дамовіліся, што калі Прэзідэнт падпісвае 3-5 указаў, то сельская гаспадарка уздыхне. Прайшло нямала часу, каб паглядзець — дыхае сельская гаспадарка ці не. Я хацеў бы сёння пачуць, як яна дыхае і чаго ёй не хапае для таго, каб нармальна дыхаць», - сказаў Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка мяркуе, што па ўсіх пытаннях развіцця вёскі былі не проста прыняты рашэнні, а ўкладзеныя каласальныя рэсурсы, каб сельская гаспадарка нармальна працавала. З улікам гэтага дзяржава чакае адпаведнай аддачы па ўсіх напрамках развіцця АПК.

«Стратэгічныя пытанні развіцця сельскай гаспадаркі мы разгледзім па выніках першага квартала, у красавіку, як і дамаўляліся, у Віцебскай, Магілёўскай ці ж Брэсцкай вобласці, дзе новыя губернатары. Можа, яны будуць больш адкрытыя і раскажуць пра праблемы, якія існуюць зыходзячы з таго, што ўсё ж такі не яны гэтаму віной, што недзе дрэнна», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.