Названыя лаўрэаты прэміі імя Святланы Навумавай

27.03.2015 / 17:01

У Мінску 27 сакавіка ў чацвёрты раз уручана штогадовая прэмія імя беларускага палітолага, выкладчыка Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Святланы Навумавай. 

Навумава, якая была адной з актывістак кампаніі «Гавары праўду», памерла 10 сакавіка 2011 года на 56-м годзе жыцця ад хваробы нырак. Прэмія, на думку яе заснавальнікаў, закліканая стымуляваць дзейнасць палітычных журналістаў і аналітыкаў, а таксама звярнуць увагу на найбольш перспектыўных маладых палітыкаў і грамадскіх дзеячаў у Беларусі.

Прэмія ўручаецца з 2012 года ў трох намінацыях: «Журналістыка» («За грамадзянскую і маральную пазіцыю»), «Аналітыка» («За глыбіню думкі і навуковую адказнасць») і «Палітычная дзейнасць» («Надзея», уручаецца палітыкам да 35 гадоў). У 2014 годзе дададзена намінацыя «Сацыяльная інавацыя — задума года».

Пераможцам у намінацыі «Задума года» стаў праект KaliLaska — першы ў Беларусі дабрачынны магазін

Лаўрэатам у намінацыі «Надзея» стаў Алег Корбан, лідар грамадскага аб'яднання «Альтэрнатыва» (Латвія), сфера дзейнасці якога — прававая дапамога студэнтам, адукацыйныя праекты, вулічныя акцыі.

У намінацыі «Аналітыка» перамог аглядальнік «Радыё Свабода» Юрый Дракахруст за шэраг артыкулаў і аналітычную перадачу на радыё і блогі на сайце tut.by.

Лаўрэатам у намінацыі «Журналістыка» стаў карэспандэнт газеты «Новы час» Дзмітрый Галко за серыю матэрыялаў пра Данбас.