Беларусь пагасіла апошнюю частку асноўнага доўгу па крэдыце МВФ

31.03.2015 / 21:07

Беларусь ажыццявіла пагашэнне апошняй часткі асноўнага доўгу па крэдыце «стэнд-бай» Міжнароднага валютнага фонду. 

«31 сакавіка 2015 года Рэспубліка Беларусь у мэтах выканання сваіх абавязацельстваў па крэдыце «стэнд-бай» МВФ ажыццявіла пагашэнне апошняй часткі асноўнага доўгу ў памеры 54,7 млн СДР (эквівалентна $75,9 млн. Такім чынам, рэспубліка поўнасцю выканала свае абавязацельствы перад МВФ», — гаворыцца ў паведамленні Міністэрства фінансаў Беларусі. 

Нагадаем, у 2009—2010 гадах Беларусь атрымала ад МВФ у межах праграмы stand-by пяць траншаў крэдыту на агульную суму $3,46 млрд, хоць першапачаткова прадугледжвалася выдзяленне 2,45 млрд. 

Беларускі бок неаднаразова заяўляў пра зацікаўленасць у рэалізацыі новай праграмы з Міжнародным валютным фондам. Аднак у МВФ указваюць на негатоўнасць улад Беларусі да глыбокіх структурных рэформ, што неабходна для аднаўлення крэдытнага супрацоўніцтва.