Топ-100 самых уплывовых беларусаў. 12. Міхаіл Мясніковіч
05.04.2015 / 18:37
12 (3). Міхаіл Мясніковіч
Старшыня савета рэспублікі.
Урад Міхаіла Мясніковіча Лукашэнка фактычна аб’явіў вінаватым у валютным крызісе. Але нікога з чыноўнікаў так і не пакаралі.
Новая пасада Мясніковіча — сінекура. Амаль нікога з ягоных папярэднікаў (апроч Барыса Батуры) Лукашэнка не вяртаў у вялікую палітыку.
Але ці верыць хто-небудзь, што дасведчаны Міхаіл Мясніковіч насамрэч застанецца па-за гульнёй? Ён быў кіраўніком выбарчага штаба ў Вячаслава Кебіча падчас разгромнай паразы ў 1994, на дзесяцігоддзе трапіў у Акадэмію навук, але ўсё адно вярнуўся наверх.
Яшчэ з 1990-х ён мае шчыльныя сувязі з расійскімі элітамі і застаецца самым пазнавальным беларускім палітыкам пасля Лукашэнкі.
У статусе старшыні савета рэспублікі Мясніковіч працягвае катацца па краіне, нібыта і не сыходзіў з пасады прэм’ер-міністра.
Цытата
«Перадусім мы павінны глядзець, каб было спакойна на валютным рынку».
Лістапад 2014, падчас публічнай дыскусіі з памочнікам прэзідэнта Кірылам Рудым.
Аб’ектыўка
Нар. у 1950 у вёсцы Новы Сноў Нясвіжскага раёна. Закончыў Брэсцкі інжынерна-будаўнічы інстытут (1972), Мінскую Вышэйшую партыйную школу (1989). Доктар эканамічных навук.
Інжынер «Мінскводаканала» (1973—1977), галоўны інжынер, кіраўнік упраўлення прадпрыемстваў камунальнага абслугоўвання Мінгарвыканкама (1977—1983). Працаваў у кіраўніцтве мінскага Савета народных дэпутатаў (1983—1985), быў сакратаром Мінскага гаркама КПБ (1985—1986). Міністр ЖКГ БССР (1986—1990), старшыня Дзяржкамітэта па эканоміцы і планаванні (1990—1991). Віцэ-прэм’ер (1990—1995), кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта (1995—2001), кіраўнік Акадэміі навук (2001—2010), прэм’ер-міністр (2010—2014). З 2015 — старшыня савета рэспублікі. Жанаты, мае сына і дачку.
* * *
Чытайце таксама:
«Мясніковічы ніколі ў КДБ працаваць не будуць!»
* * *