Топ-100 самых уплывовых беларусаў. 13. Валянцін Шаеў
05.04.2015 / 18:37
13 (86). Валянцін Шаеў
Кіраўнік Следчага камітэта.
На сёння Следчы камітэт — гэта самая актыўная і самая празрыстая сілавая структура краіны. Ці не кожны дзень з’яўляюцца навіны, якія так ці інакш тычацца Следчага камітэта.
Валянцін Шаеў амаль усю сваю кар’еру правёў па-за Мінскам. Спачатку ён доўгі час працаваў пракурорам Расонскага раёна. Калі пайшоў на павышэнне, то стаў пракурорам Гомельскай вобласці. Такім чынам Шаеў не быў завязаны з мінскімі групоўкамі. Але харызмы і яркасці гэтаму сілавіку ўсё ж не хапае.
Нізкае месца ў папярэднім рэйтынгу тлумачыцца тым, што Шаеў толькі-толькі быў прызначаны на сваю пасаду. Таму да яго хутчэй прыглядаліся. За гэты час адкрытых дурасцяў даверанае яму ведамства не нарабіла.
Аб’ектыўка
Нар. у 1964 у Глыбокім. Скончыў Віцебскі тэхнікум электрасувязі (1984) і БДУ па спецыяльнасці «правазнаўства» (1991). Працаваў у органах пракуратуры (1991–2011). Старшыня Следчага камітэта (з 2012).
* * *