Топ-100 самых уплывовых беларусаў. 18. Аляксандр Канюк
05.04.2015 / 18:40
18 (33). Аляксандр Канюк
Генеральны пракурор.
У гэтага генерала няпросты асабісты лёс. Дзесяць гадоў таму ў яго загінуў 19-гадовы сын, які сышоў з дому праз канфлікт з-за камп’ютара. Магчыма, менавіта гэтая падзея наклала адбітак жалобы на твар генпракурора. Ён вельмі рэдка ўсміхаецца.
Аўтарытэт і пазіцыі генпракуратуры падарвала справа намесніка Аляксандра Архіпава, які за хабар у выглядзе залатога злітка спыніў крымінальную справу супраць злачынцы. Але сам Аляксандр Канюк не быў ублытаны ў гэтую гісторыю.
Цытата
«Напэўна, мы сёння яшчэ не гатовыя да інстытута прысяжных. Дзяржава не гатова, не гатовы менталітэт нашага народа».
Лістапад 2014.
Аб’ектыўка
Нар. у 1960 у Гродне. Скончыў БДУ (1982). Пасля паступіў у распараджэнне камандзіра вайсковай часці ў Барысаве. Два гады быў камандзірам узвода. Потым паступіў у распараджэнне Упраўлення вайсковых трыбуналаў у Маскве. Ад 1993 — суддзя Беларускага вайсковага суда. Ад 1997 — суддзя і старшыня Мінскага міжгарнізоннага вайсковага суда. Ад 2006 — суддзя і старшыня Беларускага вайсковага суда. Ад 2009 года — намеснік старшыні, старшыня вайсковай калегіі Вярхоўнага Суда. Ад верасня 2011 — генеральны пракурор. Генерал-маёр юстыцыі.
* * *