«Усмірыцеля Мінска» Ігара Яўсеева перад выбарамі вяртаюць у сталіцу: пяць фактаў пра генерал-маёра міліцыі
02.04.2015 / 18:37
2 красавіка Аляксандр Лукашэнка зрабіў кадравую ракіроўку, памяняўшы месцамі кіраўнікоў УУС Мінскай і Віцебскай абласцей.
Фота Сяргей Гапон, kp.by.
Генерал-маёр Віктар Сянько цяпер будзе начальнікам упраўлення ўнутраных справаў Віцебскага аблвыканкама. А генерал-маёр Ігар Яўсееў будзе займаць гэткую ж пасаду, але пры Мінскім аблвыканкаме.
«Наша Ніва» згадвае пяць цікавых фактаў з біяграфіі 47-гадовага Ігара Яўсеева.
Не першы генерал з Росі
Фота tut.by
Нарадзіўся Ігар Яўсееў у мястэчку Рось Ваўкавыскага раёна. Гэта не першы генерал з гэтых мясцін. У Росі таксама нарадзіўся брыгадны генерал Войска Польскага Рамуальд Валынцэвіч. У мястэчку ёсць вытворчасць будаўнічых матэрыялаў. Бацька Яўсеева, дарэчы, і быў будаўніком, а маці — настаўніцай. Хаця сам міліцыянт прызнаваўся, што гадавалі яго бабуля з дзядулем. «Быў распешчаным і слаба падрыхтаваным да жыцця», — так ацэньваў Яўсееў перыяд дзяцінства.
Пасля васьмі класаў пайшоў вучыцца ў Пружанскі сельгастэхнікум. Казаў, што ў той час быў вельмі грамадска актыўным. У прыватнасці, займаўся музеем Вялікай айчыннай вайны. Пісаў лісты і асабіста сустракаўся з многімі ўдзельнікамі той вайны.
Спецназ ГРУ і ахова Лукашэнкі
Фота Сяргея Гудзіліна
У войска Яўсееў трапіў у трэцюю брыгаду спецназа ГРУ ВПС (Галоўнага разведвальнага ўпраўлення Вайскова-паветраных сілаў), якая дыслакавалася ў той час у ГДР. Элітныя войскі. Развал СССР сустрэў участковым у Пружанскім РУУСе. Працаваў у ахове Лукашэнкі яшчэ ў першыя гады прэзідэнцтва. Займаў пасаду намесніка начальніка УУС Мінскага райвыканкама. Пасля стаў начальнікам Упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС на транспарце.
Усмірыцель Плошчаў
Але імя Яўсеева на слыху стала пасля таго, як ён заняў пасаду начальніка міліцыі грамадскай бяспекі Мінгарвыканкама. У непасрэдныя абавязкі Яўсеева ўваходзіла сачэнне за масавымі акцыямі і іх уціхаміраванне (найчасцей шляхам разгону). Не цураўся і сам прымаць удзел у збіцці. Напрыклад, усім добра памятаецца, як ад Яўсеева у першыя дні пасля Плошчы пацярпеў фатограф Уладзь Грыдзін. Яўсееў быў адным з галоўных дзеючых персанажаў падчас самой Плошчы-2010. Ён хадзіў на перамовы з кандыдатамі ў прэзідэнты. Чым скончылася Плошча, няма нагоды лішні раз нагадваць. Пасля яе Яўсееў трапіў у спісы неўязных на тэрыторыю Еўрасаюза пад нумарам 84. А вось Лукашэнка за Плошчу даслаў Яўсееву падзячны ліст.
«Хлопаць можна толькі ветэранам»
Фота Сяргея Гудзіліна
Пасля Яўсееў быў відным дзеячам падчас «Стоп — бензіну» і маўклівых акцый пратэсту. Каардынаваў і камандаваў разгонамі менавіта ён. Выкарыстоўваючы і нецэнзурную лексіку (глядзіце відэа; на Акрэсціна яго ніхто за гэта не пасадзіў). Перад маўклівай акцыяй на Дзень Рэспублікі Яўсееў адзначыў, што апладзіраваць можна толькі ветэранам. Разгон каля Чыгуначнага вакзала на 3 ліпеня быў адным з найбольш брутальных пасля Плошчы.
«Міліцыянер — гэта лад жыцця»
Фота president.gov.by
У прыватным жыцці Яўсееў жанаты, мае траіх дзяцей. Кажуць, што фотаздымак сям'і стаіць у яго на працоўным месцы. Лічыць, што «міліцыянер — гэта лад жыцця».
У чэрвені 2013 Яўсеева прызначылі кіраўніком Віцебскага УУС. Амаль за два гады працы ў Віцебску нічым асаблівым Яўсееў не адзначыўся, спраўна выконваў працу па бяспецы ў час «Славянскага базара».
Прыгоды з журналістамі ў Яўсеева працягваліся і ў Віцебску. Мясцовыя расказваюць, як падчас Дня дэсантніка ў 2013-м Яўсееў «заламаў» фотакарэспандэнта адной дзяржаўнай газеты, які здымаў затрыманні міліцыяй п'яных дэсантнікаў. Праўда, потым гэтага ж журналіста ўзнагароджавалі ў Віцебскім УУС за добрую працу. На гэтым канфлікт быў вычарпаны.
Яўсееў казаў, што Віцебск яму падабаецца, бо ў горадзе няма мінскай мітусні. Часта з'яўляўся ў горадзе разам з жонкай і малой дачкой. Год таму Лукашэнка ўручыў Яўсееву ордэн «За службу Радзіме» ІІІ ступені.