Зьмітра Жалезьнічэнку зьмясьцілі ў санчасьць

У хлопца ўзьніклі праблемы са страўнікам, зьвязаныя, хутчэй за ўсё, з галадоўкай.

31.01.2008 / 16:19

31 студзеня гомельскі актывіст апазіцыі Дзмітрый Жалезнічэнка змешчаны ў санчасць воінскай часці ў Жлобіне.

Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Леанід Судаленка, у маладога чалавека ўзніклі праблемы са страўнікам, звязаныя, хутчэй за ўсё, з галадоўкай. 30 студзеня актывіст спыніў распачатую ў знак пратэсту супраць прызыву ў армію і адлічэння з універсітэта галадоўку па просьбе кіраўніцтва Партыі БНФ. Абставіны знаходжання ў часці Д.Жалезнічэнка паведаміў праваабаронцу па тэлефоне.

Нагадаем, намеснік старшыні абласной арганізацыі «Моладзь БНФ» Д.Жалезнічэнка быў прызваны ў армію 25 студзеня. У гэты ж дзень яго афіцыйна азнаёмілі з загадам рэктара Гомельскага дзяржуніверсітэта імя Ф.Скарыны аб адлічэнні. Д.Жалезнічэнка лічыць, што яго адлічэнне і прызыў у армію незаконныя. Студэнт‑выдатнік быў двойчы адлічаны з універсітэта. Першы раз ён дабіўся праз суд свайго аднаўлення, але пасля набыцця моцы рашэння суда зноў быў адлічаны «за парушэнне правілаў унутранага распарадку».

Будучы прызваным у армію, Д.Жалезнічэнка звяруўся з заявай ў Міністэрства абароны, дзе прасіў накіраваць яго у беларускамоўную воінскую часць і папярэдзіў ваеннае кіраўніцтва, што загады будзе выконваць толькі на беларускай мове. Паводле слоў Л.Судаленкі,у лісце з Мінабароны Д.Жалезнічэнку адказалі, што салдат павінен ведаць дзве дзяржаўныя мовы — рускую і беларускую.

Алена Германовіч, БелаПАН