«Ісламская дзяржава» прыняла законы супраць моладзевай культуры
Нязгодных — за краты вывучаць Каран.
06.04.2015 / 13:49
Інструктаж баевікоў ІДзІЛ. Фота з сайта dailymail.co.uk
У горадзе Ар-Рака, сірыйскай «сталіцы» тэрарыстычнай арганізацыі «Ісламская дзяржава», былі прынятыя законы супраць сучаснай моладзевай моды, распавядае The Daily Mail.
Кожны, хто носіць вузкія джынсы, слухае музыку на тэлефоне, паліць тытунь ці спазняецца на малітву, трапіць за краты на 10 дзён.
Парушальнікаў законаў «Ісламскай дзяржавы» прымусяць прайсці «курс ісламу», а па завяршэнні турэмнага тэрміну — здаць іспыт. Тыя, хто экзамен не здасць, будуць утрымлівацца ў турме да паспяховай пераздачы.
Пра закон паведаміла групоўка «Раку забіваюць моўчкі» (RBSS). Па звестках арганізацыі, законы на тэрыторыі, падкантрольнай ІДІЛ, няўстойлівыя і зменлівыя, але становяцца толькі больш жорсткімі. Па словах мясцовага жыхара, дзясяткі людзей пакідаюць горад праз «вычварную форму шарыяту». Свабода выказвання на тэрыторыі «Ісламскай дзяржавы» разглядаецца як злачынства.