Ярмошына пагаджаецца на празрыстыя скрыні на выбарах, аб падліку галасоў на вачах у назіральнікаў маўчыць

07.04.2015 / 19:08

фота Сяргея Балая, Tut.by

Каментуючы прапановы апазіцыі па ўдасканаленні выбарчага заканадаўства, адно з якіх тычылася ўстаноўкі на участках празрыстых скрыняў, Лідзія Ярмошына заявіла, што гэтае пытанне не патрабуе заканадаўчых змяненняў і ўжо пэўны час распрацоўваецца ў ЦВК.

«Па рэкамендацыі Цэнтрвыбаркама, буйныя гарады ўжо ўсё заклапаціліся гэтай праблемай. І прынамсі на гарадскіх участках будуць па магчымасці паўсюдна ўстанаўлівацца празрыстыя скрыні для галасавання», — заявіла кіраўнік ЦВК.

«Вывучаючы адказы мясцовых органаў улады на нашы метадычныя рэкамендацыі, мы атрымалі інфармацыю, што пытанні ўстаноўкі празрыстых скрынь для галасавання паўсюдна прапрацоўваюцца. Прынамсі ва ўсіх абласных цэнтрах і ў Мінску. Я не магу гарантаваць, што яны будуць устаноўлены ўсюды, але, прынамсі, іх будзе шмат «, - дадала Лідзія Ярмошына.

Раней у ЦВК заяўлялі, што асноўнай прычынай, па якой у Беларусі на выбарах не ставілі празрыстыя скрыні, была адсутнасць рэсурсаў у мясцовых уладаў.

Нагадаем, правядзенне прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі чакаецца 15 лістапада 2015 года. Пра гатоўнасць прыняць у іх удзел заявілі старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, кіраўнік Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч. Яшчэ адным верагодным кандыдатам ад апазіцыі стала актывіст кампаніі «Гавары праўду» Таццяна Караткевіч. Акрамя таго, пра свае планы па вылучэнні заявіў дзейны кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка.