Археолагі разам з дайверамі даследуюць каля 50 вадаёмаў Беларусі
08.04.2015 / 20:43
Вучоныя-археолагі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук (НАН) Беларусі 7 красавіка заключылі дагавор аб супрацоўніцтве з дайвінг-цэнтрам «Марскі пегас».
Як паведамілі ў прэс-службе НАН Беларусі, з боку навуковай арганізацыі пагадненне падпісаў кіраўнік Інстытута гісторыі Вячаслаў Даніловіч, з боку дайвінг-цэнтра — дырэктар «Марскога пегаса» Андрэй Ліхачоў.
Заключэнне гэтага дагавора разглядаецца як «першы крок у справе развіцця айчыннай падводнай археалогіі». Паводле гэтага дакумента, спецыялісты дайвінг-цэнтра будуць абследаваць вадаёмы Беларусі, а таксама дапамогуць перападрыхтаваць маладых гісторыкаў у якасці падводных археолагаў.
Паведамляецца, што найбліжэйшым часам беларускія дайверы разам з археолагамі Інстытута гісторыі даследуюць прыкладна 50 вадаёмаў, сярод якіх рака Студзёнка (месца пераправы напалеонаўскай арміі), возера Свіцязь. Ёсць прапанова даследаваць нават драўляны вадаправод у Слоніме, частка якога знаходзіцца пад вадой.
Археолагі спадзяюцца, што пры дапамозе прафесіяналаў з «Марскога пегаса» яны змогуць адшукаць унікальныя прадметы, якія «знойдуць месца ў айчынных музеях».
Варта адзначыць, што ў 2013 годзе на рэчцы Віхра пад Мсціславам спецыялісты дайвінг-цэнтра «Марскі пегас» разам з магілёўскімі археолагамі паднялі з глыбіні 3,5 метра даспехі рыцара Вялікага Княства Літоўскага ХV стагоддзя.