Навукоўцы стварылі антыцелы, што значна паслабляюць ВІЧ
Адна доза на б’е па вірусу 28 дзён і не дае моцных пабочных эфектаў.
09.04.2015 / 11:49
Выява: NIAID / Flickr
Сённяшнія антырэтравірусныя сродкі толькі стрымліваюць развіццё вірусу імунадэфіцыту чалавека. Але нядаўна створаная малекула 3BNC117 значна паслабляе сам вірус, распавядаюць навукоўцы ў часопісе Nature.
Антыцелы 3BNC117 эфектыўныя супраць 80% штамаў ВІЧ і на пэўны час значна скарачаюць прысутнасць ВІЧ у крыві. Праўда, прэпарат не забіў вірус канчаткова.
Прэпарат быў правераны на 29 добраахвотніках, кожны атрымаў дозу ад 1 да 30 мг. У чацвёрых утварылася рэзістыўнасць да лекаў. Але ў васьмі назіралася значнае (у 300 разоў) скарачэнне ВІЧ у крыві, яшчэ ў чацвёрых нават па прашэсці 28 дзён ВІЧ у крыві было менш, чым перад пачаткам тэстаў. Цяжкіх пабочных эфектаў тэсты не выявілі.
3BNC117 быў атрыманы праз кланаванне антыцела, што ўтвараецца ў 1% ВІЧ-інфектаваных.
Пакуль лекі не гатовыя да выхаду на рынак. Навукоўцы хочуць праверыць прэпарат на спалучальнасць з іншымі лекамі ды на магчымасць выкарыстання падчас паўзы ў антырэтравіруснай тэрапіі. Магчыма, прэпарат можна выкарыстоўваць і як прэвентыўную меру.
Чытайце таксама: Навукоўцы стварылі вакцыну ад заражэння ВІЧ