Люстрацыя закранула дзве тысячы ўкраінскіх чыноўнікаў

15.04.2015 / 16:59

У ходзе люстрацыі, якая працягваецца ва Украіне амаль паўгода, пасады страцілі каля дзвюх тысяч чалавек, заявіў прэм'ер-міністр Украіны Арсеній Яцанюк.

Паводле яго слоў, 500 чалавек былі адпраўленыя ў адстаўку прымусова. Яшчэ паўтары тысячы чалавек звольніліся па ўласным жаданні.

Украінскі закон аб люстрацыі ўступіў у сілу ў кастрычніку мінулага года. Яго палажэнні забараняюць займаць многія дзяржаўныя пасады чыноўнікам, якія працавалі пры прэзідэнце Віктары Януковічы, а таксама супрацоўнікам савецкіх спецслужбаў і карупцыянерам.

16 красавіка канстытуцыйны суд Украіны праверыць, ці не супярэчыць закон аб люстрацыі асноўнаму закону краіны.

Яцанюк заявіў, што супраць закона выступаюць чыноўнікі, якія спрабуюць вярнуцца ва ўладу.