Міністр Алег Сліжэўскі: «Прысуд чыноўніцам мінюста — ганьба для мяне»

16.04.2015 / 10:08

Міністр юстыцыі Алег Сліжэўскі пракаментаваў прысуд чыноўніцам свайго ведамства.

— Безумоўна, гэта для нас, мякка кажучы, непрыемная падзея. Я расцэньваю гэта як ганьбу, у тым ліку, і для сябе. Але, вядома ж, ніхто не застрахаваны. З аднаго боку тут прысутнічае чалавечы фактар, а з другога — важна мінімізаваць ўмовы, якія могуць спрыяць для здзяйснення карупцыйных злачынстваў. Неабходна паставіць супрацоўніка ў жорсткія рамкі, каб ён не мог здзяйсняць дзеянні, якія маглі б насіць незаконны характар.

— Ці прыняў Мінюст нейкія захады, каб не дапусціць паўтарэння падобнага?

— Што тычыцца тых падзей, якія тычацца прыняцця кваліфікацыйных экзаменаў у Міністэрстве юстыцыі, то, вядома ж, адразу ж быў прыняты шэраг арганізацыйных мер па недапушчэнні падобнага ў будучыні. Дастаткова сказаць, што на сёння пытанні здачы кваліфікацыйных экзаменаў для атрымання атэстата рыэлтараў, для атрымання ліцэнзіі адваката ажыццяўляюцца ў электронным выглядзе. Тут ужо падтасаваць або даць прэтэндэнту нейкі канкрэтны пералік пытанняў проста нерэальна, бо гэта робіць камп'ютар, які ў адвольным парадку і ў рэжыме рэальнага часу выдае пералік канкрэтных пытанняў у білеце і тут жа, пасля адказаў прэтэндэнта, дае вынікі. Тут ужо мінімізаваны чалавечы фактар, што, на мой погляд, з'яўляецца істотным крокам наперад на шляху папярэджання падобных дзеянняў.

— У ходзе разгляду скандальнай справы гучала меркаванне, што адным з фактараў, які спрыяў узнікненню карупцыі на важным напрамку дзейнасці Мінюста, з'явілася неймаверная складанасць экзаменаў, які не маглі здаць нават людзі з навуковай ступенню. Вы згодныя з гэтым?

— Я з гэтым не згодны. Безумоўна, людзям часам цяжка прызнаць няздольнасць здаць экзамен і хочацца перакласці адказнасць на іншага. Пры належнай падрыхтоўцы ўсе гэтыя экзамены цалкам рэальна здаць. З іншага боку, гэта агульнасусветная практыка, калі атрыманне адпаведнай ліцэнзіі або допуску да пэўных відаў дзейнасці, ад якой залежыць якасць аказання паслуг насельніцтву — не просты іспыт. У замежных краінах гэта шматэтапная і неймаверна складаная працэдура допуску да такога віду дзейнасці. Я лічу, што гэта не дрэнна, што здаваць і атрымліваць допуск для такога віду дзейнасці, як аказанне рыэлтарскіх або адвакацкіх паслуг, не так проста. Гэта азначае, што людзі, якія прайшлі так экзамен, не толькі маюць адпаведную кваліфікацыю, але і дастойныя займацца гэтым відам дзейнасці. Таму трэба проста годна падрыхтавацца і ўсё цалкам рэальна будзе здаць.

— У працэсе расследавання крымінальнай справы былі ануляваныя ліцэнзіі мноства рыэлтараў і адвакатаў, якія здавалі экзамены за хабар. Яны будуць мець магчымасць пераздаць і вярнуцца ў прафесію?

— Так, і такія факты ўжо ёсць. Шэраг асоб, якія раней экзаменаваліся за хабар і былі пазбаўленыя атэстацыі, цяпер ужо паспяхова здалі экзамены і атрымалі ва ўстаноўленым парадку адпаведныя атэстаты.