Жанчына, якой касірка памылкова выдала лішнія $1625, вярнула грошы ў банк

24.04.2015 / 20:10

Жанчына, якая атрымала ад касіркі абменніка памылкова лішнія $1625, вярнула грошы ў банк, паведамляе ГУУС Мінгарвыканкама. 

16 красавіка мінская міліцыя распаўсюдзіла інфармацыю пра тое, што ў Фрунзенскае РУУС сталіцы звярнулася касірка абменнага пункта ў адной з крамаў на вуліцы Ляшчынскага з просьбай аказаць дапамогу ва ўстанаўленні асобы невядомай жанчыны, якой яна памылкова выдала буйную грашовую суму. 

Жанчына канверсавала 10 тысяч расійскіх рублёў на даляры ЗША. Касірка замест патрэбных $180,5 выдала кліентцы $1805. Жанчына забрала грошы і пайшла. У канцы працоўнага дня касірка заўважыла нястачу. 

Пасля апублікавання ў сродках масавай інфармацыі і інтэрнэце інфармацыі наконт гэтага жанчына, якая атрымала лішнія грошы, вярнула іх у банк. Яна сказала, што, атрымаўшы грашовыя сродкі, не пералічыла іх і паклала ў сумку. Толькі праз некалькі дзён, убачыўшы сябе па тэлебачанні, заўважыла, што атрыманая сума значна вышэйшая за тую, якая павінна была быць.