Мотапрабег «Начных ваўкоў» у Беларусі сустракалі на ўзроўні Адміністрацыі прэзідэнта
Адпаведна, ніякіх расійскіх ці імперскіх сцягоў не было, усюды былі беларускія дзяржаўныя.
27.04.2015 / 07:21
Неадназначна ўспрыняты ў Беларусі і краінах Еўропы мотапрабег расійскіх байкераў ад Масквы да Берліна «Дарогі Перамогі» з нагоды 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне Мінск сустракаў на ўзроўні Адміністрацыі прэзідэнта.
Бузоўскі трэці справа, фота Сяргея Балая, Tut.by
У рэпартажы тэлеканала АНТ у праграме «Контуры» з наведвання расійскімі «Начнымі ваўкамі» і іх беларускімі калегамі Кургана Славы ў Смалявіцкім раёне Мінскай вобласці быў паказаны намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Ігар Бузоўскі.
«Паняцце міру, паняцце дабра, паняцце стварэння — я спадзяюся, што менавіта з гэтымі думкамі хлопцы праязджаюць не толькі па Рэспубліцы Беларусь, але і па іншых краінах. І іх праца, я заву гэта працай, гэтая акцыя — цяжкая праца, праца па выхаванні маладога пакалення, выхаванні людзей, якія дзесьці, магчыма, пачалі і забываць, што такое Вялікая Перамога, яна будзе неабходная, яна будзе патрэбная, запатрабаваная на працягу доўгіх і доўгіх гадоў», — сказаў чыноўнік журналістам.
На Кургане Славы «Начных ваўкоў» сустракаў не толькі Бузоўскі, але і прадстаўнікі ўлады Мінскай вобласці і члены БРСМ. Адпаведна, ніякіх расійскіх ці імперскіх сцягоў не было, усюды былі беларускія дзяржаўныя.
Пасля Кургана Славы расійскія і беларускія ўдзельнікі мотапрабегу наведалі мемарыяльны комплекс «Хатынь». 27 красавіка байкеры будуць у Брэсце, наведаюць Брэсцкую крэпасць, затым накіруюцца на Захад. Калі іх пусцяць.
Глядзі таксама: Байкеры з «Начных ваўкоў» паехалі да польскай мяжы