Важак «Начных ваўкоў» Хірург прыбыў у Брэст
Байкеры з клуба «Начныя ваўкі» збіраюцца дабрацца да Берліна цягам двух дзён. Як менавіта яны туды трапяць, лідар «ваўкоў» Аляксандр «Хірург» Залдастанаў не стаў расказваць.
28.04.2015 / 14:25
фота «Брестской газеты»
Па словах Залдастанава, які прыбыў у аўторак у Брэст, байкерам прыйдзецца хаваць гэтую інфармацыю, каб дамагчыся сваёй мэты. Ёю Залдастанаў называе дастаўку ў Берлін паслання ветэранам Германіі ад расійскіх ветэранаў з Арла.
У панядзелак група байкераў паспрабавала трапіць у Польшчу. Пасля трох гадзін праверкі на пункце памежнага пропуску «Тэрэспаль» польскі бок развярнуў назад дзесяць матацыклаў, два мікрааўтобусы і легкавое аўто, што суправаджала ўдзельнікаў мотапрабегу.
Уся група вярнулася ў Брэст, дзе ў аўторак дала прэс-канферэнцыю ў расійскім консульстве.
Цяпер на цэнтральнай вуліцы Брэста, Пушкінскай, стаіць група з 30 матацыклаў, некаторыя з іх з расійскімі, некаторыя з беларускімі сцягамі.
Раней польскія СМІ паведамлялі, што некаторыя байкеры змаглі праехаць на тэрыторыю Польшчы.
«Начныя ваўкі» пачалі мотапрабег з Масквы ў Берлін 25 красавіка.