Авіяцыя Беларусі прыняла на ўзбраенне ўкраінскі рухавік
Верталётны рухавік украінскай кампаніі Мотор Січ ТВ3-117ВМА-СБМ1В-02 быў прыняты на ўзбраенне беларускай авіяцыяй.
05.05.2015 / 15:19
Беларускія ўдарныя верталёты Мі-24П, фота БелТА
Пра гэта паведамляецца ў матэрыялах Агульнага збору акцыянераў фірмы.
Кампанія паведаміла, што 2014 годзе Вайскова-паветраныя сілы і войскі СПА Беларусі правялі выпрабаванні верталёта Мі-24Р з такімі рухавікамі. Мі-24Р — верталёты радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай разведкі на базе савецкага ўдарнага верталёта Мі-24.
Найбольш вядомая нефармальная мянушка — «Кракадзіл».
«Такім чынам яшчэ раз пацвярджаецца практыка беларускага кіраўніцтва на дыверсіфікацыю паставак узбраення і запасных камплектуючых, а таксама актыўная схільнасць да «імпартазамяшчэння» і самастойнага выпуску максімальна магчымага спектру ваеннай прадукцыі для патрэб сілавых структур Беларусі», — адзначыў блог аўтарытэтнага расійскага Цэнтра аналізу стратэгій і тэхналогій (ЦАСТ).
Аляксандр Лукашэнка сустракаўся з кіраўніцтвам «Мотор Січ» ў кастрычніку 2014 года. Зараз Мотор Січ належыць Аршанскі авіярэмонтны завод. Частка аналітыкаў лічыць, што праз Беларусь украінскі вытворца рухавікоў можа паспрабаваць абысці санкцыі супраць РФ і захаваць свае сувязі з расійскімі пакупнікамі, у тым ліку вайсковымі.
З іншага боку, супрацоўніцтва з «Мотор Січ» можа стварыць больш спрыяльныя ўмовы для распрацоўкі беларускай ракетнай тэхнікі.