З 11 мая Белчыгунка арганізуе маршрут з Мінска ў Польшчу цераз Гродна

07.05.2015 / 10:33

У выніку дамоўленасці Беларускай чыгункі з Польскімі чыгункамі з 11 мая зменіцца расклад цягніка №193 Гродна — Малкінія, які будзе адпраўляцца з Гродна ў Польшчу ў 12.50 (замест 11.23). Гэта зробіць магчымым перасадку пасажыраў цягніка міжрэгіянальных ліній №673 Мінск — Гродна на цягнік №193, паведамляе rw.by.

Далей цягнік №193 Гродна — Малкінія будзе прыбываць у Беласток у 14.57, у Малкінію — у 16.23.

Мэтай рэалізацыі дадзенага праекта з'яўляецца павышэнне прывабнасці пасажырскіх перавозак як у межах Беларусі, так і ў міжнародных зносінах; развіццё турыстычных маршрутаў; узмацненне транспартных сувязяў Беларусі з краінамі Еўрасаюза, зазначаецца ў інфармацыі прэс-службы Белчыгункі.

Ранішні цягнік міжрэгіянальных ліній №673 Мінск — Гродна курсіруе па Беларускай чыгунцы з 29 сакавіка.

Са станцыі Мінск-Пасажырскі ён адпраўляецца раніцай у 06.56 і прыбывае ў Гродна ў 11.26. Час руху цягніка са сталіцы ў Гродна складае 4 гадзіны 30 хвілін. Цягнік робіць тры прыпынкі — у Маладзечне, Лідзе і Мастах.