У Глуску згарэў цэх па вытворчасці паліўнага брыкету

07.05.2015 / 10:39

У Глуску 7 мая ў выніку пажару ў цэху па вытворчасці паліўнага брыкету згарэлі 60 тон гатовай прадукцыі і тэхнічнае абсталяванне. Пацярпелых няма. 

Як паведамілі БелаПАН у Магілёўскім абласным упраўленні МНС, інфармацыя аб узгаранні ў будынку па вытворчасці паліўных брыкетаў, што размяшчаецца па вуліцы Максіма Горкага, паступіла каля 3.30. 

Пасля прыбыцця першага падраздзялення пажарных адбывалася гарэнне ўнутры цэха, а таксама адкрытае гарэнне даху будынка. Унутры цэха знаходзіліся два прасавальныя станкі, два ўпаковачныя станкі, гатовая прадукцыя, а таксама аўтапагрузчык «Ямаха». 

Пажарам знішчаны дах на плошчы 375 квадратных метраў, абсталяванне, 60 тон гатовай прадукцыі ўнутры цэха і аўтапагрузчык. Прычына пажару высвятляецца.