Андрэй Хадановіч і Уладзімер Арлоў атрымалі польскія медалі «Gloria Artis»

07.05.2015 / 13:00

Узнагароды пісьменнікам уручылі на ўрачыстым прыёме з нагоды Дня Канстытуцыі Польшчы.

«Вельмі прыемна атрымаць узнагароду краіны, якую я даўно люблю, з якой у нас супольная гісторыя, супольныя героі, — пракаментаваў Уладзімер Арлоў. — У мяне выйшла тры кнігі на польскай, адна з іх атрымала ў 2010 годзе польскую літаратурную ўзнагароду, за што я ўдзячны перакладчыку Адаму Паморскаму. Што да Хадановіча, то, думаю, паўплывала тое, што ён бліскуча і плённа перакладаў Віславу Шымборску, Чэслава Мілаша, Рышарда Крыніцкага».

Медаль «Gloria Artis» уручаецца за заслугі перад польскай культурай, а таксама за падтрымку польскай культуры і мастацтва за мяжой, умацаванне культурных сувязяў паміж Польшчай і іншымі краінамі. Узнагарода прысуджаецца ад імя міністра культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы. Мае тры ступені: бронзавую, срэбраную і залатую. Беларускія літаратары атрымалі срэбраныя медалі.

Акрамя іх у розны час узнагароду атрымлівалі: балерына Майя Плісецкая, рэжысёр Кшыштаф Занусі, дырыжор Валеры Гергіеў.

УШ