Лукашэнка: У палітыцы з'явіліся «бухгалтары», што мараць падзяліць Перамогу
07.05.2015 / 15:43
Сярод палітыкаў з'явіліся «бухгалтары», якія мараць падзяліць Перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне па ўдзельнай вазе нацыянальнасцяў.
Гэты факт сёння адзначыў Аляксандр Лукашэнка на ўрачыстым сходзе, прысвечаным 70-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
Паводле слоў кіраўніка Беларусі, святкаванне 70-годдзя Перамогі — гэта момант ісціны. «У гэтыя дні, аглядаючыся ў мінулае, мы ацэньваем і сучаснасць. Перамога патрабуе ад нас адзінства, згуртаванасці спадчыннікаў савецкага народа.
Але праз дзесяцігоддзі сярод нас, кіраўнікоў і палітыкаў, з'явіліся так званыя бухгалтары, якія мараць падзяліць Перамогу па ўдзельнай вазе нацыянальнасцяў. Ужо нават спрачаюцца: які адсотак у Перамозе рускай, украінскай, казахскай, грузінскай, узбекскай крыві», — канстатаваў беларускі лідар.
«Гэта інсінуацыі, і адказ на іх просты: нацызм знішчылі не расіяне і беларусы, не ўкраінцы і грузіны, не казахі і ўзбекі. Вялікую Перамогу падарыў нам вялікі савецкі народ!» — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.