Сёння: Беларусь — Фінляндыя

На чэмпіянаце свету па хакеі зборнай Беларусі засталося правесці ў групавым турніры два матчы: сёння супраць Фінляндыі (17:15) і заўтра супраць Нарвегіі (13:15).

11.05.2015 / 08:09

На жаль, не дапаможа сёння Андрэй Касціцын, дыскваліфікаваны на адну гульню, Jaroslav Ožana, ČTK

Становішча ў нашай групе на раніцу панядзелка наступнае:

ЗША — 15 (6 гульняў), Расія — 14 (6), Фінляндыя — 12 (5), Беларусь — 10 (5), Славакія — 8 (6), Нарвегія — 6 (6), Данія — 4 (6), Славенія — 0 (6).

Такім чынам, каб прабіцца ў плэй-оф (4-е месца трапляе на моцную Канаду), беларусам трэба або выйграць у адным з матчаў, або двойчы прайграць (г.зн. набраць два ачкі) у авертайме, каб гарантавана апярэдзіць Славакію, якой застаўся ў аўторак матч з ЗША (17:15).

Зняць усе пытанні можна будзе калі не сёння (фіны ў чатырох матчах не прапусцілі ніводнай шайбы), то заўтра перамогай над не матываванай Нарвегіяй, якая ў плэй-оф ужо не трапіць, але можа вырашаць лакальнае пытанне: апярэдзіць у турнірнай табліцы былога «старэйшага брата» Данію.

Данія сёння вечарам гуляе са Славеніяй, якая ўжо пакідае вышэйшы дывізіён.

Аўторак: Беларусь — Нарвегія, ЗША — Славакія, Расія — Фінляндыя.

Чвэрцьфіналы пройдуць у чацвер, паўфіналы — у суботу, фінал і матч за 3-е месца ў нядзелю.

nn.by