Рауль Кастра заявіў, што можа зноў стаць каталіком пад уплывам Папы Францішка

Кубінскі лідар Рауль Кастра заявіў па завяршэнні аўдыенцыі ў Папы Францішка ў Ватыкане, што вельмі ўражаны сустрэчай з пантыфікам і думае нават пра тое, каб зноў пачаць маліцца Богу.

11.05.2015 / 13:12

«Я зноў пачну маліцца і вярнуся ва ўлонне царквы, калі Папа працягне сваю службу з такой жа стараннасцю», — сказаў Кастра.

Рауль Кастра, таксама, як і яго родны брат Фідэль, у дзяцінстве быў ахрышчаны ў каталіцкую веру, аднак пасля рэвалюцыі на Кубе пачаліся ганенні на царкву.

Кубінскі прэзідэнт правёў афіцыйную сустрэчу ў Ватыкане з Папам Францішкам для таго, каб падзякаваць таму за дапамогу ў аднаўленні адносін паміж Кубай і ЗША.

Наколькі вядома, рымскі пантыфік сыграў важную ролю ў сакрэтных перамовах паміж Гаванай і Вашынгтонам, у выніку якіх у снежні было абвешчана пра аднаўленне дыпламатычных адносін паміж ЗША і Кубай.

«Я падзякаваў Папу за ўсё, што ён зрабіў для нас», — заявіў Рауль Кастра пасля завяршэння сустрэчы ў Ватыкане.

Назіральнікі адзначаюць, што аўдыенцыя доўжылася амаль гадзіну, што незвычайна для нядзельнага пратаколу Папы.

Рымскі пантыфік добра знаёмы з Кубай, у мінулым ён напісаў кнігу пра адносіны паміж каталіцкай царквой і камуністычнымі ўладамі вострава. Ён збіраецца з візітам на Кубу ў верасні і стане трэцім Папам, які наведае Кубу — пасля Яна Паўла II ў 1998 годзе і Бенедыкта XVI у 2012 годзе.

Прэзідэнт Кастра зрабіў прыпынак у Рыме, вяртаючыся са святкаванняў дня Перамогі ў Маскве.

Апошні раз Рауль Кастра быў у Ватыкане ў 1997 годзе, калі займаў пасаду міністра абароны. Тады ён рыхтаваў гістарычны візіт Яна Паўла II у Гавану.