Бароўскаму пагражае восем гадоў турмы

Абвінавачваньні супраць Бароўскага высунутыя па артыкуле 424 частка 3 КК «Злоўжываньне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі». Санкцыі паводле гэтага артыкулу прадугледжваюць зьняволеньне тэрмінам да васьмі гадоў.

12.02.2008 / 14:10

12 лютага ў Вярхоўным судзе пачаўся разгляд судовага працэсу па крымінальнай справе былога старшыні канцэрну “Белнафтахім” Аляксандра Бароўскага. Абвінавачваньні супраць Бароўскага высунутыя па артыкуле 424 частка 3 КК «Злоўжываньне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі». Санкцыі паводле гэтага артыкулу прадугледжваюць зьняволеньне тэрмінам да васьмі гадоў.

Яшчэ летам былы генэральны пракурор Пётр Міклашэвіч паведамляў, што па справе Бароўскага былі заведзеныя дзьве крымінальныя справы: па артыкуле 210 «Крадзеж шляхам злоўжываньня займаемай пасадай» і 424 «Злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі». Апроч гэтага, вялося сьледзтва па артыкуле 375 «Разгалошваньне службовай таямніцы». Як бачым, да суду дайшла толькі адна крымінальная справа.

Аляксандар Бароўскі быў арыштаваны 29 траўня 2007 году, ад гэтага часу знаходзіўся пад вартай у СІЗА. Яму ў правіну ставіцца нанесены дзяржаве шкоды на 3 мільярдаў 428 мільёнаў 800 тысяч рублёў. На думку адвакатаў былога кіраўніка «Белнафтахіму», гэта лічба беспадстаўная, бо матэрыялах справы яны ня бачаць адкуль яна магла ўзяцца.

Бароўскі прысутнічаў у залі судовых пасяджэньняў, ён знаходзіўся ў клетцы. Прыйшлі на працэс і ягоная жонка зь дзецьмі. Судзьдзя Грыцэвіч забараніў прадстаўнікам СМІ праводзіць фота- і відэаздымкі працэсу. Па словах Бароўскага, ён заўсёды добра ставіўся да прэсы, але за восем месяцаў зьняволеньня ён начытаўся пра сябе такога, што і ня ведаў дагэтуль.

Абарона Бароўскага хадатайнічала аб правядзеньні фінансава-эканамічнай экспэртызы, а таксама аб накіраваньні судовага звароту ў «Цюменскую нафтавую кампанію», дзе ў сакавіку 2007 году была закупленая нафта па адной цане, а прададзена па больш высокай. Таксама дачкой Бароўскага Ю. Налівайкай было пададзена хадатайніцтва аб вяртаньні ёй машыны «Судзукі», аднапакаёвай кватэры па вуліцы Сухой і трохпакаёвай па вуліцы Мельнікайтэ, а таксама лецішча ў вёсцы Галынка Асіповіцкага раёну, якія былі канфіскаваныя падчас сьледзтва.

Рада вэтэранаў працы ААТ «Белшына» зьвярнулася ў суд з хадайніцтвам аб прысутнасьці на працэсе грамадзкага абаронцы. Вэтэраны працы зь «Белшыны» рэкамэндуюць Бароўскага, як выключна сумленнага чалавека. У прыклад яны прыводзяць тое, што ягонае імя «залатымі літарамі высечанае на дзьвюх бабруйскіх цэрквах».

Судзьдзя Грыцэвіч абвесьціць сваё рашэньне адносна гэтых хадатайніцтваў заўтра а 10 раніцы, пасьля чаго і працягнецца працэс.

Зьміцер Панкавец